Працягваем наш цыкл «Этнакалекцыя Onlíner», у межах якога апавядаем пра цікавыя і яскравыя беларускія народныя абрады. Летам мы выбраліся на сапраўднае Купалле, завіталі на лакальнае свята «У Пласток на квасок» пад Любань, а напрыканцы верасня пабывалі пад Радашковічамі на Багачы, які сімвалізуе завяршэнне збору ўраджаю. У народзе абрад даўно знік: ён не праводзіцца ў вёсках, але Студэнцкае этнаграфічнае таварыства аднавіла яго і з 2013-га штогод ладзіць у філіяле літаратурнага музея Янкі Купалы ў Вязынцы.